ІАНІ́ЙСКАЯ ШКО́ЛА,

усходняя галіна ранняй грэч. філасофіі. Сфарміравалася ў 6—4 ст. да н.э. ў іанійскіх калоніях Грэцыі. Гал. прадстаўнікі Фалес, Анаксімандр, Анаксімен (Мілецкая школа), Дыяген Апаланійскі, Геракліт. Для І.ш. характэрны эмпірызм, сенсуалізм, стыхійная дыялектыка. Прадстаўнікі школы імкнуліся знайсці першапачатак усяго існага, вытлумачыць аб’ектыўна-лагічную заканамернасць усякага працэсу. Лічылі, што ўсе рэчы паходзяць з нейкага адзінага матэрыяльнага першапачатку (вады, паветра, агню). Філас. даследаванні яны цесна звязвалі з патрабаваннямі практычнай дзейнасці, з’яўляліся стваральнікамі першых простых навук. прыбораў. І.ш. звычайна супрацьпастаўляюць італійскай школе — зах. галіне стараж.-грэч. філасофіі, якая сфарміравалася ў 2-й пал. 6—5 ст. да н.э. ў грэч. калоніях Паўд. Італіі, Сіцыліі і прадстаўлена піфагарэізмам і элейскай школай.

Літ.:

Богомолов А.С. Античная философия. М., 1985;

Фрагменты ранних греческих философов. Ч. 1. М., 1989;

Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995.

Т.І.Адула.

т. 7, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)